ДАРАВА́ЛЬНАЯ ГРА́МАТА,
назва заканад. актаў аб наданні правоў і прывілеяў манастырам, прыватным асобам або групам насельніцтва, якія выдаваў правіцель Стараж. Русі і Рас. імперыі (вял. князь, цар, імператар) у 12—18 ст. Найб. значныя —Д.г. гарадам і дваранству (абедзве ўведзены 21.4.1785 Кацярынай II). «Грамата на правы і выгоды гарадам Расійскай імперыі» складалася з «Гарадавога» і «Рамеснага» палажэнняў; рэгулявала становішча гараджан (падзяляліся на 6 разрадаў, у т.л. купецтва і мяшчанства) і работу органаў гар. самакіравання (гл. Гарадская дума). На Беларусі ў гарадах, якія мелі магдэбургскае права, захоўваліся магістраты, у судаводстве выкарыстоўваўся Статут Вялікага княства Літоўскага 1588, яўр. насельніцтва гарадоў падпарадкоўвалася кагалу. Асн. палажэнні Д.г. гарадам дзейнічалі да гарадской рэформы 1870-х гадоў. «Грамата на правы, вольнасці і прывілеі высакароднага расійскага дваранства» складалася з уводзін, 4 раздзелаў і 92 артыкулаў; пацвярджала асн. палажэнні Маніфеста аб вольнасці дваранства 1762, прадугледжвала захаванне элітнай ролі дваран у грамадстве, у т.л. недапушчэнне ў дваранскае саслоўе асоб з боку падатковага насельніцтва. Асобныя заканад. палажэнні Д.г. дзейнічалі да 1917.
Літ.:
Российское законодательство X—XX вв. Т. 5. М., 1987.
т. 6, с. 50
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)